
|
Магілёўскія дэмакраты заклікаюць выбраць адзінага кандыдата
У Магілёве ў мясцовым грамадзкім цэнтры “Кола” адбылася абласная канфэрэнцыя дэмакратычных сіл. 59 яе дэлегатаў заклікалі вядомых апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва аб’яднацца й вылучыць адзінага кандыдата.
На канфэрэнцыі дэлегаты падвялі вынікі выбараў у мясцовыя саветы. Далі ацэнку свайму ўдзелу ў іх. Абралі новы кіроўны орган кааліцыі аб’яднаных дэмакратычных сіл рэгіёну – раду. Туды ўвайшлі вылучэнцы дваццаці арганізацыяў.Вызначаліся дэлегаты і з пэрспэктывамі ўдзелу ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцтва ад дэмакратычных сіл закраналася амаль кожным выступоўцам. Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч ня супраць адзінага кандыдата: “Яднацца варта паводле вартасьцяў. Безыдэйнае аб’яднаньне не працуе. Ідэя, што мы ня любім рэжым – гэта замала для людзей. Людзі хочуць ведаць, а што будзе пасьля. Для мяне ўсё проста – незалежнасьць, дэмакратыя, шлях у Эўропу. Калі нейкі чалавек будзе адпавядаць гэтым крытэрам, то даю слова, што я здымуся пад гэтага чалавека”. Канфэрэнцыю арганізавала кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны ўтвораная ў ліпені 2006 году. У яе склад уваходзяць абласныя арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада", Партыі Свабоды й Прагрэсу, партыі левых "Справядлівы сьвет", Партыі працы, партыі "Надзея" а таксама Свабодны прафсаюз Беларускі і шэраг мясцовых кааліцыяў з рэгіёну. Кааліцыю стваралі для правядзеньня палітычных электаральных кампаніяў. Версия для печати | 02-08-2010, 00:30:00 | PSP.MINSK
|
|